СТАРА́Я ГАЛЫ́НКА,
вёска ў Зэльвенскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Дзярэчын—Слонім. Цэнтр Галынкаўскага с/с і калгаса. За 18 км на ПнУ ад гар. пас. і 20 км ад чыг. ст. Зэльва, 110 км ад Гродна. 292 ж., 112 двароў (2001). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — вадзяны млын (канец 19 ст.).
Вядома з 16 ст. як вёска Галынка ў Лідскім пав., прыватная ўласнасць. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка ў Слонімскім пав. Гродзенскай губ., дзярж. ўласнасць. У 1878 у С.Г. 293 ж.; у 1886—275 ж., 45 двароў, школа, царква, 3 сінагогі, крупадзёрка, 2 карчмы; у 1903—691 ж. З 1921 ў складзе Польшчы, у Старавескай гміне Слонімскага пав. Навагрудскага ваяв., 432 ж., 84 двары. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 у Зэльвенскім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 вёска, цэнтр сельсавета. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты загубілі ў С.Г. 386 ж. З 20.9.1944 ў Гродзенскай вобл. У 1962—66 у Слонімскім р-не.
т. 15, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)